КА́ПАЎСКІ ПУТЧ 1920, Капа—Лютвіца путч,

спроба кансерватыўна настроеных вайскоўцаў і праварадыкальных паліт. сіл на чале з памешчыкам В.​Капам і ген. В.​Лютвіцам захапіць уладу ў Германіі 13—17.3.1920. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. 10 сак. Лютвіц, падцягнуўшы да Берліна сілы путчыстаў, прад’явіў герм. ўраду ультыматум з патрабаваннямі распусціць Нац. сход, перавыбраць прэзідэнта краіны і адмовіцца ад скарачэння ўзбр. сіл, што праводзілася паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. 13 сак. фарміраванні путчыстаў (у т. л. ваенізаваныя добраахвотніцкія) занялі Берлін, стварылі ўрад на чале з Капам. Прэзідэнт рэспублікі Ф.​Эберт і ўрад Г.​Баўэра пераехалі ў Дрэздэн, потым Штутгарт. Усеагульная забастоўка прафсаюзаў (удзельнічала 12 млн. чал.), рознагалоссі сярод путчыстаў, адсутнасць іх падтрымкі з боку б. ч. рэйхсвера і міністэрскай бюракратыі і інш. прычыны прывялі да паражэння путчу; 17 сак. Кап уцёк у Швецыю.

т. 8, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)